ПРАГА. Прыхільнікі Англіканскай царквы абураныя падзеямі ў Злучаных штатах, дзе на біскупа штату Ню-Гэмпшыр быў высьвечаны сьвятар-гомасэксуаліст Джон Робінсан.
Некаторыя біскупы з саміх Злучаных Штатаў, а таксама з афрыканскіх краінаў, Аўстраліі і Новай Зэляндыі выказалі з гэтай нагоды рашучы пратэст, а нават пагрозу спыніць усялакія дачыненьні з Амэрыканскай біскупскай царквой. Сьвятар зь Ню-Ёрку Дэвід Бэна сказаў:
(Бена) “У адпаведнасьці з нашым абавязкам захоўваць веру мы выказваем нашую рашучую нязгоду з высьвячэньнем на біскупа чалавека, чый лад жыцьця несумяшчальны са сьвятым пісаньнем і навукай царквы”
Сказаў сьвятар Англіканскай царквы з Ню-Ёрку.
Між тым, некаторыя біскупы, у прыватнасьці з Ірляндыі заявілі, што высьвячэньне на біскупа гомасэксуаліста ёсьць сьведчаньнем адкрытасьці і талерантнасьці.