ДАМАСК. Міністры замежных справаў шасьці суседніх зь Іракам дзяржаваў і Эгіпту сёньня правялі неафіцыйныя перамовы ў Дамаску. На парадку дня прадстаўнікоў Сырыі, Савудаўскай Арабіі, Ірану, Турэччыны, Ярданіі, Кувэйту ды Эгіпту было пытаньне дапамогі Іраку ў стабілізацыі сытуацыі ў краіне. Тым ня меньш, прадстаўнікі Кіраўнічай Рады Іраку не бяруць удзел у форуме, таму што своечасова не атрымалі адпаведнага запрашэньня. У фінальнае заяве ўдзельнікі сустрэчы асудзілі тэрарыстычныя напады на міжнародныя арганізацыі ды заклікалі акупацыйныя сілы гарантаваць бясьпеку і стабільнасьць у Іраку. Міністры таксама заявілі пра неабходнасьць пашырэньня ролі ААН у аднаўленьні Іраку.