БАГДАД. Амэрыканскія вайскоўцы паведамілі, што 15 жаўнераў загінулі і 21 былі параненыя ў выніку падзеньня гэлікоптару непадалёк ад Багдацкага лётнішча. Прэсавы сакратар войскаў ЗША палкоўнік Вільям Дарлі заявіў, што прычына катастрофы пакуль невядомая. Раней міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд не выключыў таго, што гэлікоптар быў зьбіты ракетай клясу “зямля-паветра”. Гэта самая буйная страта сярод амэрыканскіх вайскоўцаў ад падзеньня рэжыму Садама Хусэйна 9 красавіка гэтага году. Зьбіты гэлікоптар быў адным з двух, што перавозілі жаўнераў з амэрыканскае базы ў горадзе Фалуджа на міжнароднае лётнішча сталіцы Іраку. Адсюль яны меліся адляцець дамоў на двухтыднёвы адпачынак. Сёньня ж у Багдадзе ў выніку выбуху бомбы загінуў яшчэ адзін амэрыканскі жаўнер. Выбух бомбы адбыўся таксама на дарозе ў горадзе Фалуджа, па якой праязджаў амэрыканскі канвой.