Сёньня ўвечары лідэры “пяцёркі” сустрэліся ў Гомелі з мясцовымі актывістамі палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. Гаворка ішла пра стратэгічныя і тактычныя пытанні фармавання адзінага спісу кандыдатаў на будучыя парляменцкія выбары. Спіс з 220 асабоў павінен быць падрыхтаваны да навага году.
Старшыня БСДГ Станіслаў Шушкевіч зазначыў, што ўнутры кааліцыі няма спрэчак. Усе кіраўнікі партыяў падтрымліваюць суверэнітэт і незалежнасьць Беларусі, дэмакратычныя свабоды, перамены да лепшага ў жыцці беларускіх грамадзянаў. І трэба “адхіляць ад улады тых, хто перашкаджае выкананню гэтай задачы”, - зазначыў Станіслаў Шушкевіч.
На сустрэчы падкрэсьлівалася важнасьць паразуменьня на будучых выбарах і сярод мясцовых дэмакратычных актывістаў.
Узьнімаліся таксама пытаньні эфектыўнага назіраньня за выбарамі.
Ніякага байкоту парляменцкіх выбараў гэтым разам ня будзе.