ВАШЫНГТОН. Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш тэлефанаваў сёньня прэм’ер-міністру Італіі Сільвіё Бэрлусконі ў справе больш хуткай фінансавай дапамогі для адбудовы Афганістану з боку Эўрапэйскага зьвязу.
Буш папрасіў Бэрлусконі заклікаць краіны Эўразьвязу павялічыць і паскорыць іхную дапамогу Кабулу.
Амэрыканскі прэзыдэнт выказаў занепакаеньне з нагоды таго, што апошнім часам увага міжнароднай супольнасьці ад Афганістану была занадта адцягнутая ірацкімі падзеямі.
У мінулым тыдні краіны-донары пагадзіліся выдаткаваць 33 мільярды даляраў на адбудову Іраку ў той час, як летась Афганістану было паабяцана даць 5,5 мільярды цягам пяці гадоў.
Між тым вярхоўны камандзір сілаў НАТА генерал Джэймс Джоўнс заявіў, што разьмяшчэньне міроатворчых сілаў па-за межамі Кабулу дагэтуль застаецца нялёгкай справай.
Прамаўляючы ў афганскай сталіцы, Джоўнс сказаў, што перадусім трэба клапаціцца пра бясьпеку міратворцаў у дачыненьнях зь мясцовым насельніцтвам.