ВАШЫНГТОН. Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заявіў, што сілы супраціву адчайна актывізуюць свае дзеяньні ў Іраку таму, што гэтая краіна ідзе ў кірунку дэмакратыі і палітычнай стабільнасьці.
Учора ў Багдаду зь перапынкамі ў 45 хвілінаў адбылося некалькі магутных выбухаў, у выніку якіх загінулі няменей 34 чалавекі, больш за 200 – параненыя. Паводле шэфа ірацкай паліцыі Ахмада Ібрагіма, 26 загіблых – жыхары Багдаду, 8 – паліцыянты.
Цывільнае насельніцтва складае і пераважная бальшыня параненых.
Ля прадстаўніцтва Міжнароднага Чырвонага Крыжу тэрарыст-сьямротнік падарваў аўтамабіль “хуткай дапамогі”. Загінулі дзесяць іракцаў, гэтулькі ж – былі параненыя.
Прэзыэнт Буш у зьвязку з гэтым сказаў:
(Буш)"Амэрыку і міжнародную супольнасьць не ўдасца запужаць. Сябры кааліцыі разумеюць, што Ірак болей ніколі не павінен стаць прытулкам для тыранаў і пагрозай міру. Таму мы будзем церпялівымі, мэтанакіраванымі і паяднанымі".
А вось словы міністра замежных справаў Вялікай Брытаніі Джэка Стро:
(Стро)"Я хачу выказаць сваё абурэньне ў зьвязку з апошняй сэрыяй тэрактаў у Багдадзе і тым фактам, што мішэняй тэрарыстаў сталі гэтым разам не жаўнеры, а супрацоўнікі Міжнароднага Чырвонага Крыжу, якія выконваюць высакародную гуманітарную місію. Гэты факт адлюстроўвае ўсю глыбіню амаральнасьці тых, хто ажыцьцявіў цяперашнія тэракты".
Аўтамабілі былі падарваныя і ў іншых раёнах гораду. Чатыры – побач з паліцэйскімі пастарункамі. Загінулі паліцыянты, цывільныя жыхары, амэрыканскі вайсковец.
Сярод параненых – дзесяць амэрыканскіх жаўнераў. Амэрыканскі брыгадны генэрал Марк Хэртлінг заявіў, што ўсе выбухі былі скаардынаванымі самагубчымі нападамі.
Паводле амэрыканскіх вайскоўцаў, іх зарганізаванлі прыхільнікі былога ірацкага рэжыму. На думку генерала Хэртлінга, сам Садам Хусэйн увесь час рухаецца ў межах гэтак званага суніцкага трохкутніка, які ляжыць паміж Багдадам і Тыкрытам.
Тэракты ў сталіцы Іраку зганілі лідэры ўсясьветнай супольнасьці, ААН і Эўразьвяз.
Чырвоны Крыж пакуль не вырашыў, ці пачынаць эвакуацыю сваіх супрацоўнікаў у сувязі з замахам.
Між тым, дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл заклікаў міжнародныя гуманітарныя арганізацыі не адклікаць сваіх супрацоўнікаў з Іраку.