ААН. Рада Бясьпекі Арганізацыі Аб’еднаных Нацыяў адзінадушна ўхваліла рэзалюцыю ў справе Іраку, якую запрапанавалі Злучаныя Штаты Амэрыкі. Рэзалюцыя заклікае міжнародную супольнасьць зрабіць унёсак у аднаўленьне Іраку.
Галасаваньне ў Радзе Бясьпекі разглядаецца як значная дыпляматычная перамога Вашынгтону пасьля таго, як Нямеччына, Францыя і Расея выказалі заўвагі што ў рэзалюцыі няма гаворкі пра хуткую перадачу ўлады ў Іраку самім Іракцам.
За некалькі гадзінаў да галасаваньня канцлер Нямеччыны Гэрхард Шродэр нечакана заявіў, што Нямеччына, Расея і Францыя дамовіліся прагаласаваць за прапанаваную Злучанымі Штатамі рэзалюцыю, бо “гэта крок у добрым накірунку”.
(Шродэр) Зразумела адно – рэзалюцыя, гэта крок у правільным накірунку. Аднак, на нашую думку. Яна не вырашае ўсіх праблемаў і таму мы ня лічым за магчымае накіроўваць у Ірак войскі ці даць дадатковыя грошы, акрамя тых, пра якія мы ўжо дамовіліся.
Сказаў Гэрхард Шродэр.
Генеральны сакратар ААН Кофі Анан вітаў прыняцьцё рэзалюцыі.
(Анан) “Тое, што здарылася – гэта яркая дэманстрацыя жаданьня ўсіх сябраў Рады Бясьпекі паставіць інтарэсы ірацкага народу па-над усімі іншымі разыходжаньнямі. Наш агульны цэль-вярнуць мір і стабільнасьць ў незалежны і дэмакратычны Ірак як мага хутчэй”.
Сказаў Кофі Анан.
У рэзалюцыі, прапанаванай ЗША, утрымліваецца дата – 15 сьнежня, да якой Кіруючая рада Іраку мусіць вызначыць час правядзеньня выбараў і стварэньня новай канстытуцыі краіны.
Рэзалюцыя прадугледжвае таксама ўзмацненьне ролі ААН у пераходзе Іраку да дэмакратыі, дае ёй большыя паўнамоцтвы ў вайсковай сфэры, аднак камандаваньне і надалей застаецца ў рукох ЗША.
Дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл заявіў, што адміністрацыя Джорджа Буша вельмі задаволеная рашэньнем Рады Бясьпекі.