ГАЗА. Эўрапэйскі Зьвяз заклікаў палестынскія ўлады тэрмінова правесьці расьследаваньне ў справе сёньняшняга выбуху, што адбыўся на шляху амэрыканскага дыпляматычнага канвою ў Паласе Газа, ў выніку якога загінулі прынамсі тры асобы. Кіраўнік Палестынскай аўтаноміі Ясір Арафат заявіў, што “катэгарычна асуджае замах на амэрыканскіх назіральнікаў, якія прыехалі ў Палестыну з місіяй міру і бясьпекі.
Прэм’ер-міністар Аўтаноміі Ахмэд Курэй таксама зганіў замах.
(Курэй) “Мы вельмі шкадуем аб тым, што здарылася з амэрыканскімі дыпляматамі і катэгарычна асуджаем гэты замах. Просім сваякоў загіблых прыняць нашыя шчырыя спачуваньні ды спадзяемся, што тыя, хто быў паранены, хутка ачуняюць”.
Сказаў Ахмэд Курэй. Ён паабяцаў таксама, што будзе праведзеная дэталёвае сьледзтва ў гэтай справе. Амбасадар ЗША ў Ізраілі заявіў, што ФБР накіруе ў палестынскую аўтаномію групу адмыслоўцаў, каб расьсьледаваць абставіны выбуху. Амэрыканская амбасада ў Ізраілі заклікала ўсіх грамадзянаў ЗША тэрмінова пакінуць тэрыторыю Палестынскай аўтаноміі.