НЬЮ-ЁРК. Сябры Рады Бясьпекі ААН праводзяць кансультацыі ў праекце рэзалюцыі, якая асуджае Ізраіль за ўдар па тэрыторыі Сырыі. Ухваліць рэзалюцыю патрабуюць Сырыя і Ліга арабскіх дзяржаваў. Прадстаўнік Сырыі ў ААН Фэйсал Мекдад у гэтым зьвязку заявіў:
Мы спадзяемся, што захады Рады Бясьпекі будуць эфэктыўнымі ў падтрыманьні міру і бясьпекі ў рэгіёне і што яна загадае агрэсару спыніць агрэсію, а таксама папярэдзіць Ізраіль, што, калі ён ня спыніць такія дзеяньні, сытуацыя будзе абвастрацца і ўрэшце пацерпіць ня толькі Сырыя, усе бакі пацерпяць надзвычайна.
Сказаў прадстаўнік Сырыі ў ААН.
Ізраіль тым часам заяўляе, што ўчорашняе бамбаваньне аб’ектаў каля Дамаску было абгрунтаваным тым, што Сырыя падтрымвае тэрарызам. Апэрацыя была актам адплаты за тэракт у горадзе Хайфа, дзе ў суботу загінулі 19 чалавек. Адказнасьць за тэракт узяў на сябе “Ісьлямскі джыгад”.