РЫМ. У Рыме распачынаюцца двухдзённыя перамовы міністраў абароны краінаў-сябраў Эўрапейскага Зьвязу. Яны абмяркуюць прапанову Францыі, Нямеччыны, Бэльгіі і Люксэмбургу разьмесьціць штаб-кватэру сілаў Эўразьвязу каля Брусэлю асобна ад штаб-кватэры НАТО.
ПРЫШТЫНА. Сёньня нямецкі генэрал Холгер Камэрхоф распачынае працу на пасадзе камандуючага міжнароднымі міратворчымі сіламі ў Косаве. Ён заменіць італьянскага генэрала Фабіа Міні.
БЭЛГРАД. Галоўны пракурор Гаагскага трыбуналу Карла дэль Понтэ наведае з працоўным візытам Бэлград напярэдадні свайго чарговага дакладу ў Радзе Бясьпекі ААН.
РЫГА. У Латвіі Латгальскі акруговы суд у горадзе Рэзэкне абвесьціць вырак былому латыскаму чырвонаму партызану, грамадзяніну Расеі 82-гадоваму Васілю Конанаву, які абвінавачаны ў ваенных злачынствах.