Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 04:50 ]  Анонс міжнародных падзеяў дня

Міністры замежных справаў 15 краінаў-сябраў Эўрапейскага Зьвязу распачынаюць сёньня сваю сустрэчу ў Брусэлі. Чакаецца, што міністры абмяркуюць унёсак Эўрапейскага Зьвязу ў адбудову Іраку, сытуацыю вакол іранскай ядзернай прагрмы, магчымы ўдзел Эўразьвязу ў разьвязаньні ізраільска-палестынскага канфлікту, а таксама іншыя актуальныя міжнародныя праблемы. У Страсбуры (Францыя), дзе адбываецца сэсія Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, пачнуцца пленарныя паседжаньні, якія працягнуцца да 2 кастрычніка. Галоўныя тэмы парадку дня – небясьпека экстрэмізму для дэмакратыі ў Эўропе, сумесная палітыка ў галіне міграцыі і прытулку. Сёньня ў Маскве адкрываецца міжнародная канфэрэнцыя ў праблемах зьмены клімату. Адмыслоўцы з 80 краінаў сьвету абмяркуюць пытаньні глябальнага пацяпленьня і ўзьдзеяньня на акаляючае асяродзьдзе. Чакаецца, што ў часе канфэрэнцыі Расея падпіша Кіёцкі пратакол ў праблеме глябальнага пацяпленьня. 17 адсоткаў – такая доля Расеі ў сукупным забруджаньні атмасфэры рэчывамі, якія выклікаюць парніковы эфэкт. У Стакгольме адкрыецца пленарнае паседжаньне Міжнароднай групы ў барацьбе зь фінансавымі злачынствамі. Чакаецца, што будзе абмеркаванае пытаньне ўтварэньня рэгіянальнага органу гэтай арганізацыі для краінаў СНД. Працягваецца візыт жонкі амэрыканскага прэзыдэнта Лоры Буш у Парыж. Сёньня першая лэдзі ЗША будзе афіцыйна прадстаўляць сваю краіну на цырымоніі аднаўленьня сяброўства ЗША ў ЮНЭСКА пасьля 19-гадовага перапынку. Чакаецца, што Лору Буш у Елісейскім палацы прыме прэзыдэнт Францыі Жак Шырак.
XS
SM
MD
LG