Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 16:23 ]  Памерла Акуіла аль-Хашэмі - адная з трох жанчынаў, што ўваходзяць у Кіруючую Раду Іраку

БАГДАД. Сёньня памерла Акуіла аль-Хашэмі - адная з трох жанчынаў, што ўваходзяць у прызначаную ЗША Кіруючую Раду Іраку. Пяць дзён таму аль-Хашэмі была паранная, калі замахоўцы абстралялі яе аўтамабіль у цэнтры Багдаду. З нагоды сьмерці Акуілы аль-Хашэмі, камандуючы кааліцыйным войскам ў Іраку генерал Рыкарда Санчэз зачытаў сёньня пасланьне цывільнага адміністаратара Іраку Пола Брэмэра, які цяпер знаходзіцца ў Вашынгтоне: (Санчэз) “Праз сваё ўстойлівае імкненьне да дэмакратычнага, вольнага і мірнага Іраку доктар Акуіла аль-Хашэмі надхняла ірацкі народ. Мы аплакваем яе сьмерць. Але нават у часе смутку мы ведаем, што яе ўяўленьне пра будучыню Іраку будзе жыць і пераможа ў Іраку. Сёньня мы аддаем даніну асабістай мужнасьці спадарыні аль-Хашэмі і яе адданасьці працы на карысьць ірацкага народу”. Акуіла аль-Хашэмі будзе пахаваная заўтра. Раней сёньня выбухнула бомба каля багдадскага гатэлю, у якім, сярод іншага, месьціцца прадстаўніцтва амэрыканскай тэлевізыйнай кампаніі NBC. Гукаапэратар гэтай кампаніі быў лёгка паранены. Між тым у родным горадзе Саддама Хусэйна Тыкрыце амэрыканскія жаўнеры арыштавалі дзьве асобы, якія, як паведамляецца, арганізоўвалі ды фінансавалі замахі супраць вайскоўцаў ЗША. Яшчэ некалькі амэрыканскіх жаўнераў былі параненыя ў паўночнаірацкім горадзе Масул.
XS
SM
MD
LG