ГАЗА. На заходнім беразе Ярдану 4 палестынцы і адзін ізраільскі жаўнер былі забітыя ў выніку ізраільскіх апэрацыяў у горадзе Гэброн і ў лягеры ў цекачоў у горадзе Газа. Параненыя больш за 10 чалавек з абодвух бакоў.
Паводле ізраільскіх вайскоўцаў, забітыя палестынцы належалі да ўзброеных груповак “Хамас” і “Ісьлямскі джыхад”.
Прамаўляючы сёньня ў горадзе Рамалах, галоўны палестынскі ўпаўнаважаны ў справе перамоваў, Саэб Эрэкат заявіў, што вайсковыя рэйды ізраільцаў на Заходнім беразе - гэта частка пляну ураду Ізраілю, які хоча спыніць працэс мірнага ўрэгуляваньня ў рэгіёне.
(Эрэкат) “Гэткая эскаляцыя ёсьць часткай палітыкі ізраільскага ўраду каб пашкодзіць працэсу мірнага ўрэгуляваньня, зьнішчыць плян “дарожная мапа” ды зьнішчыць прапанаваную прэзыдэнтам Бушам ідэю суіснаваньня дзвюх дзяржаваў”.
Між тым камандуючы паветранымі сіламі Ізраілю генерал Дэн Галютц паведміў сёньня, што 27 ізраільскіх пілётаў, што напярэдаді адмовіліся браць удзел у вайсковых апэрацыях, якія маглі б спрычыніцца да сьмерці мірных палестынцаў, будуць пакараныя.