БАГДАД. Тэрарыст самагубца ўзарваў сёньня аўтамабіль, наладаваны выбуховымі рэчывамі каля штаб-кватэры ААН у сталіцы Іраку.
Загінулі дзьве асобы – сам тэрарыст і ахоўнік будынку, а 17 былі параненыя.
У адмысловай заяве, якую зрабіла прэсавая сакратарка ААН Антонія Парадэла, гаворыцца што сёньняшні выпадак сьведчыць пра тое, што Ірак застаецца зонай ваенных дзеяньняў.
(Парадэла)“Тое, што адбылося сёньня ў Багдадзе, яшчэ раз даводзіць, што Ірак па-ранейшаму застаецца зонай ваенных дзеяньняў, якія зьвязаныя зь вялікай рызыкай, асабліва для тых, хто намагаецца палепшыць умовы жыцьця іракцаў”,- заявіла прэсавая сакратарка ААН.
Між тым цывільны адміністратар ЗША ў Іраку Пол Брэмэр, заявіў сёньня, што ірацкі народ яшчэ не гатовы цалкам кіраваць сваёй карінай самастойна.
Паводле Брэмэра, ЗША перададуць іракцам ўладу адразу пасьля таго, як у краіне будзе створаная новая канстытуцыя і пройдуць дэмакратычныя выбары.