БАГДАД. У Іраку, неадалёка ад гораду Цікрыт, забітыя тры жаўнеры ЗША, а яшчэ два параненыя.
Жаўнеры трапілі ў засаду, калі спраўджвалі мейсца, дзе, як меркавалася, была схаваная зброя.
Між тым, амэрыканскае камандаваньне разглядае магчымасьці вываду войска зь некаторых ірацкіх гарадоў калі будзе зразумела, што кантроль там змогуць пераняць ірацкія ўзброеныя сілы.
Камандуючы войскам ЗША ў Іраку генерал Рыкарада Санчэз Сказаў:
(Санчэз) "У гэтых гарадох вы ўбачыце (а ў некаторых зь іх такая сыстэма ўжо працуе) што ірацкія ўзброеныя сілы будуць падтрымліваць парадак разам з намі. Ці магчыма, каб ірацкае войска ў некаторых местах пераняло кантроль цалкам? Так, магчыма. Мы разважаем гэтае пытаньне".
Між тым прэзыдэнт Францыі Жак Шырак, пасьля перамоваў у Бэрліне з канцлерам Гэрхардам Шродэрам, заклікаў ЗША перадаць уладу ў Іраку самім іракцам ужо ў бліжэйшыя некалькі месяцаў.