НЬЮ-ЁРК. 58-я сэсія Генэральнай Асамблеі Араганізацыі Аб’еднаных Нацыяў адкрываецца сёньня ў штабкватэры ААН у Нью-Ёрку. Чакаецца, што лідэры многіх краінаў сьвету, у тым ліку – прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін і афганскі прэзыдэнт Хамід Карзай, выступяць з прывітальнымі прамовамі на наступным тыдні. Чарговая сэсія Генэральнай асамблеі ААН распачынаецца ў той час, калі Рада Бясьпекі ААН працягвае абмеркаваньне новай рэзалюцыі ў ірацкім пытаньні. ЗША дамагаюцца прыняцьця новай рэзалюцыі, якая пашырыць ролю ААН у падтрыманьні бясьпекі і стабілізацыі ў гэтай краіне. Разам з тым, Вашынгтон хоча захаваць за сабою палітычны і вайсковы кантроль за сытуацыяй у Іраку.