СТАКГОЛЬМ. Эўрапэйскі Зьвяз выказаў спадзяваньне, што Швэцыя яшчэ разважыць далучэньне сваёй краіны да агульнай валютнай прасторы ў якой дзейнічае эўра, нягледзячы на тое, што самі швэды адкінулі гэтую ідэю ў часе ўчорашняга рэфэрэндуму.
У нядзелю 56% грамадзянаў Швэцыі выказаліся “супраць”, а 41% - “за” далучэньне да эўразоны. У рэфэрэндуме ўзялі ўдзел 81% выбаршчыкаў.
Канцлер Нямеччыны Гэрхард Шродэр выказаў расчараваньне з нагоды вынікаў швэцкага рэфэрэндуму. Паводле Шродэра, уваход Швэцыі ў адзіную валютную прастору зь іншымі краінамі Эўрапэйскага Зьвязу ў доўгатэрміновай пэрспэктыве быў бы выгодны для Стакгольму і для ўсёй Эўропы эканамічна і палітычна.
Між тым швэцкая паліцыя працягвае пошукі забойцы міністра замежных справаў Швэцыі Ганны Лінд, якая памерла ў мінулым тыдні. Спадарыня Лінд была шчырай прыхільніцай далучэньня сваёй каріны да эўразоны.
Цяпер агульнай эўрапэйскай валютай карыстаюцца 12 краінаў Аб’еднанай Эўропы.