Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 17:14 ]  Сябры Рады бясьпекі шукаюць паразуменьня адносна Іраку


ЖЭНЭВА. У Жэнэве завершылася сустрэча міністраў замежных справаў пяці дзяржаваў – сталых сябраў Рады Бясьпекі ААН. Яны абмеркавалі прапанаваны Злучанымі Штатамі праект рэзалюцыі ў ірацкім пытаньні. Пакуль не зразумела, ці змаглі ўдзельнікі нарады пераадолець істотныя рознагалосьсі. У часе перапынку ў паседжаньні дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл заявіў, што “адбываецца добрая дыскусія”. Французкі міністар Дамінік дэ Вэліпэн сказаў журналістам – “ідзе праца”. Напярэдадні сустрэчы Дэ Вэліпэн заявіў, што да канца гэтага году павінен быць падрыхтаваны праект новай канстытуцыі Іраку, а налета ўвесну – праведзеныя ўсеагульныя выбары. Колін Паўэл назваў гэты плян “нерэалістычным”. Кіраўнік Брытанскага зьнешнепалітычнага ведамства Джэк Стро заявіў, што пяць дзяржаваў – Вялікая Брытанія, Кітай, Францыя, Расея і ЗША – “пагаджаюцца ў неабходнасьці міжнароднай супольнай дапамогі Іраку”. У кансультацыях бярэ ўдзел генэральны сакратар ААН Кофі Анан. Тым часам,духавенства ірацкага гораду Фалуджа пашырыла дэклярацыю, у якой яно асудзіла амэрыканскіх вайскоўцаў за ўчорашняе забойства найменей 9 чалавек. Сотні разьюшаных іракцаў выйшлі сёньня на вуліцы Фалуджы і наладзілі антыамэрыканскія маніфэстацыі. Учора атрад паліцыі, перасьледуючы ўзброеных злачынцаў, не спыніўся на патрабаваньне вайскоўцаў ЗША і быў абстраляны. Амэрыканскае камандаваньне, якое мае дадзеныя толькі пра аднаго забітага, выказала сёньня глыбокі жаль з нагоды інцыдэнту. Яно заявіла, што гэта была прыкрая памылка вайскоўцаў.
XS
SM
MD
LG