ВАШЫНГТОН. Злучаныя Штаты адданыя справе аднаўленьня Іраку і нанясуць паразу тым, хто супрацьстаіць сілам кааліцыі, -- заявіў сёньня дзяржаўны сакратар ЗША Колін Паўэл. Выступаючы ў Вашынгтоне, Паўэл падкрэсьліў, што сытуацыя ў Іраку стабілізуецца, нягледзячы на тое, што працягваюцца напады на амэрыканскіх вайскоўцаў.
“Урэшце рэшт, дэмакратыя прыйдзе ў Ірак. Урэшце рэшт, тыя, хто спрабуе спыніць гэта, тыя, хто ладзіць тэрарыстычныя напады, хто не разумее, што ёсьць новая хваля, якая ахоплівае і тую частку сьвету – яны будуць мець справу з намі. І дэмакратыя прыдзе ў Ірак,”--
заявіў дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл.
Паводле Паўэла, галоўная мэта кааліцыі – правесьці ў краіне свабодныя выбары. Дзяржсакратар заклікаў ААН накіраваць у Ірак войскі і выдзеліць сродкі на аднаўленьне краіны.