Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 15:41 ]  Польшча прыняла камандаваньне над цэнральна-паўдзённым рэгіёнам Іраку


БАГДАД. Вайскоўцы Злучаных Штатаў афіцыйна перадалі польскаму міратворчаму кантынгенту кантроль над паўдзённа-цэнтральным рэгіёнам Іраку. З гэтай нагоды адбылася ўрачыстая цырымонія ў старажытным горадзе Бабілёне. Камандуючы амэрыканскімі сіламі ў Іраку, генэрал-лейтэнант Рыкарда Санчэс заявіў, што ён абсалютна верыць і давярае падразьдзяленьням на чале з польскімі войскамі. Польскі камандуючы, генэрал-маёр Анджэй Тышкевіч назваў сябраў сваіх шматнацыянальных падразьдзяленьняў “жаўнерамі вайны з тэрарызмам”: «У выніку падзеяў 11 верасьня мы сталі жаўнерамі вайны з тэрарызмам. Нашыя краіны вырашылі далучыцца да намаганьня гарантаваць асноўныя чалавечыя каштоўнасьці і салідарнасьць у барацьбе за права жыць бяз страху і голаду.» Польскія вайскоўцы ачольваюць міжнародныя сілы, у складзе якіх болей як 9 тысячаў вайскоўцаў з 21 краіны. Але пакуль яшчэ яны ня будуць кантраляваць неспакойны горад Наджаф. Тым часам, у Багдадзе прысягнуў першы пасьля падзеньня рэжыму Садама Хусэйна ўрад Іраку. На цырымоніі прысутнічалі кіраўнік амэрыканскай адміністрацыі ў Іраку Пол Брэмэр і сябры Кіруючай Рады Іраку. У складзе пераходнага кабінэту міністраў 25 чалавек – прадстаўнікі асноўных этнічных і рэлігійных абшчынаў Іраку. Новы ўрад будзе кіраваць краінай да выбараў, заплянаваных на наступны год.
XS
SM
MD
LG