БАГДАД. Сотні тысячаў смуткуючых шыітаў сабраліся сёньня ў сьвятым для іх горадзе Наджаф каб узяць удзел у пахаваньні шыіцкага лідэра Махамада Бакіра аль-Хакіма.
Аль-Хакім, былы лідэр Вярхоўнай Рады Іслямскай рэвалюцыі ў Іраку загінуў у мінулую пятніцу ў выніку тэрарэстычнага замаху, які забіў ня менш за 83 асобы.
Пахаваньне адбылося ў цэнтры Наджафу пад узмоцненай аховай ірацкай паліцыі ды ўзброеных ваяўнікоў Вярхоўнай Рады Іслямскай рэвалюцыі. Паліцыя кажа, што ўдзел у цырымоніі ўзялі каля аднаго мільёну іракцаў.
Між тым сёньня ў Багдадзе, каля галоўнага паліцэскага пастарунку, выбухнуў аўтамабіль. Адзін паліцыянт забіты, а прынамсі 14 асобаў параненыя.
У іншых выпадках, тры амэрыканскія жаўнеры загінулі і некалькі былі параненыя.
Цывільны адміністратар ЗША ў Іраку Пол Брэмэр заяівў сёньня, што павялічыць колькасьць ірацкіх паліцыянтаў.
(Брэмэр) “Мы маем намер павялічыць колькасьць ірацкай паліцыі на 10 тысячаў, да 75 тысячаў. Мы хочам зрабіць гэта як мага хутчэй, але запэўніць пры гэтым добры ўзровень навучаньня будучым паліцыянтам. Гэта значыць вучыць іх ня толькі паліцэйскай справе, але і падставам правоў чалавека, а таксама неўжываньню катаваньняў і сілы ў часе выкананьня патрабаваньняў закону”.