Масква “Надзеі ўратаваць каго-небудзь з сямі членаў экіпажу атамнай субмарыны К-159 няма” – заявіў сёньня міністар абароны Расеі Сяргей Іваноў. Субмарына мінулай ноччу затанула ў Баранцавым моры, яна буксыравалася на ўтылізацыю ў парт Палярны. З 10 членаў экіпажу уратаваны толькі адзін, знойдзеныя целы трох маракоў. У Мурманскай вобласьці і на Паўночным флёце Расеі заўтра – дзень жалобы па загіблых на К-159.
Ваеная пракуратура Расеі ўзбудзіла крымінальную справу ў сувязі з гібельлю атамнай субмарыны, якая затанула гэтай ноччу ў Баранцавым моры. Пракуратура бачыць грубыя парушэньні ў дзеяньнях кіраўніцтва Паўночнага флёту. Нарвэская экалягічная арганізацыя “Бэлуна” выказала занепакоенасьць магчымасьцю радыяцыйнага забруджваньня Баранцава мора. Камандаваньне расейскага флёту цьвердзіць, што небясьпекі няма, паводле іх рэактар субмарыны быў прыведзены ў бясьпечны стан, а баявыя зарады – выгружаныя.