ТОКІО. Сытуацыя вакол ядзернай праграмы Ірану не паўплывае на перамовы аб пастаўках іранскай нафты Японіі, -- заявіла японскі міністар замежных справаў Ёрыка Кавагучы. Заява прагучала напярэдадні візыту ў Токіо кіраўніка іранскага зьнешнепалітычнага ведамства Камаля Каразі. Паводле Ёрыкі Кавагучы, забесьпячэньне палівам – эканамічная неабходнасьць, якая павінна разглядацца асобна ад праблемаў ядзернай зброі. Адначасна Японія будзе працягваць ціснуць на Тэгэран, каб пераканаць яго падпісаць пратакол, які дазваляе наладжваньне інспэкцыяў на любых ядзерных аб’ектах.