ВЕНА. Прадстаўнік АБСЭ ў пытаньнях свабоды прэсы Фраймут Дувэ вымушаны скасаваць свой візыт у Беларусь, плянаваны на 1 - 2 верасьня, бо Міністэрства замежных справаў Беларусі адмовіла ў атрыманьні візы яму і ягонаму дарадцу.
АБСЭ ужо выступіла з асуджэньнем гэтага рашэньня беларускага ўраду.
Фраймут Дувэ неаднаразова крытыкаваў беларускія ўлады за падаўленьне свабоды слова, апошні раз ён выступіў з асуджэньнем закрыцьця менскага бюро расейскай тэлекампаніі НТВ і прыпыненьня выхаду “Белорусской деловой газеты”.
Дувэ, які напрыканцы году пакідае сваю пасаду, быў запрошаны наведаць Беларусь кіраўніком офісу АБСЭ ў Менску Эбэрхардам Хайкенам дзеля разьвітальнай сустрэчы з журналістамі і прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў. Апошні раз Дувэ наведваў Менск у 1999 годзе. Плянаваны ў 2001 годзе візыт Дувэ ў Беларусь не адбыўся, бо беларускія ўлады не далі ўязной візы ягонаму дарадцу.