БАГДАД. У Іраку адбыўся новы напад на амэрыканскіх вайскоўцаў. Вайсковая аўтакалдёна была сёньня абстраляная зь мінамётаў недалёка ад гораду Фалуджа. Тры жаўнеры параненыя. Сёньня ж амэрыканскае камандаваньне ў Іраку паведаміла пра затрыманьне ў Тыкрыце сямёх чалавек – прыхільнікаў Садама Хусэйна і арганізатараў нападаў на вайскоўцаў кааліцыі.
Тым часам, Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжу скарачае свой штат у Іраку. Прадстаўнік гэтай арганізацыі ў Багдадзе Нада Думані паведаміла, што гэтае рашэньне выкліканае пагібельлю аднаго з супрацоўнікаў місіі ў часе нападу на абоз Чырвонага Крыжу ў прымесьці Багдаду 22 ліпеня, а таксама новымі пагрозамі тэрарыстаў:
“Мы атрымалі інфармацыю і ставімся да яе ўсур’ёз, што мы можам быць мішэняй нападу. Улічваючы зьменлівыя абставіны, у якіх мы працуем, і ўзровень гвалту, які яшчэ пакуль пераважае ў сталіцы, мы ня можам не прымаць адпаведныя захады.
Заявіла прадстаўніца Міжнароднага Камітэту Чырвонага Крыжу ў Багдадзе Нада Думані. Яна таксама паведаміла, што колькасьць замежных супрацоўнікаў місіі будзе скарочаная да 50 чалавек.
Сёньня ж у горадзе Эн-Наджаф на поўдні Іраку, сьвятым для шыітаў, тысячы людзей ўдзельнічалі ў пахаваньні трох чалавек, загіблых учора ў часе замаху на Вялікага аяталу Сэйеда Махамэда Саіда аль-Хакіма. Побач з рэзыдэнцыяй аяталы выбухнула бомба. Забітыя два ягоныя ахоўнікі і кіроўца. Аятала не пацярпеў.