БАГДАД. У Іраку прайшла новая хваля сабатажу і гвалту. Адбыўся другі выбух на асноўным нафтапровадзе краіны. Паводле прадстаўніцы амэрыканскага войска рамонт нафтапроваду возьме прынамся два тыдні.
Нафтапровад, па якім нафта ішла ў Турэччыну, пачаў працу толькі ў сераду, а ўжо ў пятніцу быў пашкоджаны выбухам.
Кіраўнік амэрыканскай адміністрацыі ў Іраку Пол Брэмэр заявіў сёньня на паседжаньні Міжнароднай рады эканамічнай каардынацыі ў Багдадзе:
(Брэмэр: ) “Эканамічная адбудова Іраку павінна ісьці на фоне палітычных пераўтварэньняў. Аднак сёньня Ірак апынуўся ў бядноце, бо ягонай эканомікай надвычай кепска кіравалі апошнія чатыры дзесяцігодзьдзі. Ірацкі народ таксама шмат церпіць ад палітычнага сабатажу, які працягваецца ў Іраку. Напад на кіркуцкі нафтапровад каштуе ірацкаму народу 7 мільёнаў даляраў штодня”.
Сёньня ж у паўночным Багдадзе выбух пашкодзіў вадапровад, і каля 300 тысячаў чалавек засталіся без вады.
У паўдзённым Іраку ўначы падчас сутыкненьня з марадзёрамі быў забіты дацкі салдат. Гэта першая ахвяра, якую ў Іраку панесла Данія. Шэсьць іракцаў загінулі і каля 60 былі параненыя гарматным абстрэлам турмы Абу Граіб на ўскрайку Багдаду.
У самім Багдадзе два амэрыканскія вайскоўцы ўчора былі абстраляныя і параненыя, калі выходзілі з рэстарану.