ВАШЫНГТОН. Прэм’ер-міністар Ізраілю Арыель Шарон сёньня правядзе ў Вашынгтоне перамовы з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам. Два лідэры маюць абмеркаваць гэтак званую дарожную мапу – плян мірнага разьвязаньня палестына-ізраільскага канфлікту.
Чакаецца, што Буш падыме пытаньне аб пабудове Ізраілем паркану на заходнім беразе ракі Ярдан. Прадстаўнікі Ізраілю кажуць што такі паркан, які ня ўзгадваецца ў “дарожнай мапе”, неабходны, каб спыніць напады палестынцаў. Вось што заявіў учора міністар замежных справаў Ізраілю Сыльван Шалом:
(Шалом: ) “Паркан бясьпекі, які мы цяпер будуем, вельмі важны, бо ён дапаможа нам у мірным працэсе. Мы лічым, што ён ня дасьць экстрэмістам магчымасьці зруйнаваць мірны працэс”.
Але палестынскі прэм’ер-міністар Махмуд Абас падчас перамоваў з Бушам у мінулую пятніцу паскардзіўся на будоўлю. Паводле Абаса, паркан заходзіць на палестынскую тэрыторыю і перашкаджае руху палестынцаў. Буш тады заявіў, што паркан ёсьць праблемай для мірнага працэсу.
Учора Белы Дом вітаў рашэньне Ізраілю вызваліць 540 палестынскіх вязьняў. Вызваленьне вязьняў было адным з галоўных патрабаваньняў ваяўнічых палестынскіх груповак, якія ў мінулым месяцы абвесьцілі трохмесячнае перамір’е з Ізраілем.