БРУСЭЛЬ.Парлямэнт Бэльгіі сёньня абмяркоўвае пытаньне аб адмене прынятага 10 гадоў таму закону, у адпаведнасьці зь якім бэльгійскія суды могуць разглядаць справы аб ваенных злачынствах, якія ўчынілі грамадзяне іншых краінаў у любым рэгіёне сьвету. У адпаведнасьці з гэтым законам у суды Бэльгіі былі пададзеныя зыскі супраць прэзыдэнта ЗША, прэм’ер-міністра Ізраіля Арыэля Шарона ды іншых палітычных лідэраў. Паводле экспэртаў, зыскі, як правіла, палітычна матываваныя. ЗША надоечы скрытыкавалі бэльгійскую судовую практыку. Амэрыканскі міністар абароны Дональд Рамсфэльд заявіў, што Вашынгтон можа спыніць фінансаваньне штаб-кватэры НАТО ў Брусэлі, калі закон ня будзе адменены.