ПЭКІН.Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тоні Блэр катэгарычна абверг меркаваньні аб тым, што паводле ягонага загаду імя дарадцы міністэрства абароны Дэйвіда Кэльлі з’явілася ў сродках масавай інфармацыіі за некалькі дзён да таго, як ён скончыў жыцьцё самагубствам. Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тоні Блэр лічыць, што дарадца міністэрства абароны Вялікай Брытаніі Дэйвід Кэльлі ня быў крыніцай інфармацыі ў паведамленьні пра тое, што кабінэт Блэра сьвядома перабольшыў пагрозу зброі масавага зьнішчэньня ў Іраку. Тоні Блэр сказаў, што ён не шкадуе аб удзеле ў вайне ў Іраку, і што ён ня мае сумневаў, што Ірак спрабаваў распрацоўваць зброю масавага зьнішчэньня.
Тоні Блэр сказаў: “Наконт зброі масавага зьнішчэньня. Я абсалютна не маю сумневаў, што Ірак спрабаваў развіваць гэтую зброю. У Іраку зараз працуюць групы людзей, яны займаюцца пошукам праграмаў распрацоўкі зброі непасрэдна, яны шукаюць сьведчаньні аб наяўнасьці зброі і праграмах распрацоўкі. Гэтыя людзі толькі пачалі працу, і калі яны зробяць справаздачу па яе выніках, мы дазнаемся пра ўсё, што яны раскрылі.”
Пра гэтае Тоні Блэр заявіў у часе візыту ў Кітай. Самагубства Кэльлі выклікала вялікі палітычны скандал у Вялікай Брытаніі. Тэлекампанія ВВС сьцьвярджае, што рэпартаж з абвінавачваньнямі на адрас брытанскага ўраду быў заснаваны на інфармацыі, атрыманай ад Кэльлі.