БАГДАД. Сёньня арабская тэлекампанія "Аль-Арабія" перадала новы запіс звароту , які, нібыта, належыць былому дыктатару Іраку Садаму Хусэйну. Журналісты, якія былі знаёмыя з Хусэйнам, цьвердзяць, што, хутчэй за ўсё, запіс зьяўляецца аўтэнтычным. Зварот прысьвечаны 35-годзьдзю партыі БААС. У ім адзначаецца, што абвіначаньні былога рэжыму Іраку ў валоданьні зброяй масавага зьнішчэньня з боку Вялікай Брытаніі ды Злучаных Штатаў, якія сталі падставай для ваеннай апэрацыі, зьяўляюцца безгрунтоўнымі. Аўтар прамовы заклікае жыхароў Іраку да барацьбы з акупацыйнымі войскамі і называе Ірацкую Кіраўнічую Раду“слугой замежнікаў, а не народу”.
Сёньня Ірацкая Кіраўнічая Рада прыняла пастанову, у якой абвесьціла пра свае пляны знайсьці месца былым жаўнерам ірацкага войска ў звычайным грамадзкім жыцьці. Болей за 200 тысячаў былых жаўнераў, якія не бралі ўдзел у воінскіх злачынствах і катаваньнях людзей, як мяркуецца, будуць далучаныя да рэалізацыі новай праграмы Кіраўнічай Рады.
Кіраўнік амэрыкансікх войскаў у Іраку генерал Джон Абізаід заявіў, што напады на войскі кааліцыі маюць усе прыкметы клясічнай партызанскай вайны.