ВАШЫНГТОН. Вышэйшае вайсковае камандаваньне ЗША ў Іраку лічыць, што супроць амэрыканскіх войскаў і іх саюзьнікаў, паводле ўсіх паказальнікаў, распачалася “клясічная партызанская вайна”. У часе выступу на брыфінгу ў Пэнтагоне ўчора, гэнэрал Джон Абізаід сказаў таксама, што тэрарыстычныя групы актывізуюцца і што амэрыканскія войскі, магчыма, застануцца цягам году. Гэнэрал Абізаід адзначыў, што нападнікі ўдасканалілі арганізацыю, тактыку і фінансаваньне, але кааліцыйныя войскі – мацнейшыя.
З Багдаду паведамляюць, што адзін амэрыканскі жаўнэр памёр і два параненыя ўчора у выніку выбуху пад час нападу на амэрыканскі канвой на захадзе ад сталіцы Іраку. Учора быў зьдзейсьнены няўдалы напад ракетай клясу “зямля – паветра” на амэрыканскі лёт пад час яго пасадкі на лётнішчы ў Багдадзе. Гэта другі па ліку падобны напад цягам апошніх двух тыдняў. Мэр места Хадзітах, які падтрымліваў амэрыканцаў, і адзін з яго сыноў былі забітыя.