МАСКВА. Расейская Генеральная пракуратура распачала яшчэ адное дасьледваньне ў справе нафтавай кампаніі “Юкас”. Гэтым разам пракуратура запатрабавала ў падаткавай інспэкцыі вынікі праверак кампаніі. Сёньня ў Маскву са Злучаных Штатаў вярнуўся кіраўнік “Юкасу” Міхаіл Хадаркоўскі, самы багаты чалавек Расеі. Цягам сустрэчы з журналістамі на лётнішчы ў Маскве Хадаркоўскі заявіў, што распачатае супраць ягонай кампаніі сьледства мае палітычны падтэкст.