БАГДАД. Працягваюцца напады на вайскоўцаў Злучаных Штатаў у Йраку. На поўначы ад ірацкай сталіцы на шашы 11 іракцаў атакавалі канвой і былі зьнішчаныя вагнём ув адказ. У самой сталіцы два вайскоўцы ЗША былі параненыя ў выніку выбуху. Тым часам катарскі тэлеканал “Аль-Джазіра” перадаў аўдыёзапіс звароту, які, як мяркуецца, належыць былому йрацкаму дыктатару Садаму Хусэйну. У звароце Хусэйн заяўляе, што “ён і ягоныя найбліжэйшыя паплечнікі знаходзяцца ў Іраку і што ў краіне створаныя шматлікія аддзелы супраціву замежнай акупацыі”. Цэнтральная разьведуправа ЗША мае намер спраўдзіць аўтэнтычнасьць запісу. Зварот прагучаў праз дзень пасьля таго, як ЗША абвесьцілі ўзнагароду ў 25 мільёнаў даляраў за інфармацыю, якая дапаможа злавіць былога дыктатара.