РЫМ. Прэм’ер-міністар Італіі Сільвіа Бэрлусконі прынёс прабачэньні за абразу, нанесеную ім у часе дэбатаў у Эўрапарляманце аднаму з дэпутатаў. Як паведаміў канцлер Нямеччыны Гэрхард Шродар, у часе тэлефанічнай размовы зь ім Бэрлусконі выказаў шкадаваньне ў сувязі з “недарэчнасьцю” выказваньняў, ужытых ім пад час палемікі з сацыялістам Марцінам Шульцам – сябрам Эўрапарляманту ад ФРГ. Канцлер заявіў, што лічыць інцыдэнт вычарпаным. У сераду ў адказ на крытычную рэпліку Шульца Бэрлусконі сказаў, што таму варта паспрабаваць сябе ў кіно – у ролі ахоўніка ў нацысцкім канцэнтрацыйным лягеры. Заўвага італянскага прэм’ера, чыя краіна ад першага ліпеня старшынюе ў Эўрапэйскім Зьвязе, выклікала хвалю абурэньня як у Нямеччыне, так і ў іншых эўрапэйскіх краінах.