МАСКВА. Міністар замежных справаў Расеі заявіў сёньня, што параза спробаў ядзернага агенцтва ААН асудзіць Іран вызваляе шлях для Расеі дапамагаць Ірану будаваць атамную электрастанцыю. Міжнароднае Агенцтва Атамнай Энэргэтыкі не выказала асуджэньня Ірану за разьвіцьцё ядзерных праграмаў, і Расея ня мае прычыны адмаўляцца ад супрацоўніцтва зь Іранам. ЗША абвінавачваюць Іран у спробах патаемна разьвіваць вытворчасьць ядзернай зброі. Іран адкідае гэтыя абвінавачаньні. Прэсавы прадстаўнік міністэрства замежных справаў Расеі Юры Якавенка паведаміў, што Расея заклікала Іран зьдзейсьняць ядзерныя праграмы цалкам адкрыта і падпісаць дадатковы пратакол, які патрабуе Міжнароднае Агенцтва Атамнай Энэргэтыкі – дзеля поўнага спраўджваньня ўсяго ядзернага абсталяваньня. Іран адмовіўся падпісваць гэты пратакол.