САЛОНІКІ. Сёньня ў грэцкім горадзе Салонікі распачынаецца трохдзённы саміт Эўразьвязу. Лідэры краінаў Эўразьвязу будуць абмяркоўваць сытуацыю на Блізкім Усходзе, дачыненьні са Злучанымі Штатамі Амэрыкі й першы праект Канстытуцыі Эўразьвязу. У адпаведнасьці зь праектам Канстытуцыі, пасьля далучэньня да Эўразьвязу новых краінаў у 2004 годзе будзе спрошчаная працэдура прыняцьця рашэньняў у межах аб’яднанай Эўропы. У Салоніках, дзе адбываецца саміт, каля 15 тысячаў паліцыянтаў і вайскоўцаў ужываюць надзвычайныя меры, каб прадухіліць пратэсты. На саміт запрошаныя лідэры краінаў, якія далучацца да Эўразьвязу ў наступным годзе, а таксама кіраўнікі Сэрбіі і Чарнагорыі, Македоніі, Босьніі й Альбаніі.