ПАРЫЖ. Сёньня ў Парыжы дзьве жанчыны зрабілі спробу самаспаленьня – на знак пратэсту супраць масавых арыштаў сяброў іранскай апазыцыйнай групоўкі “Народныя муджахеды”. Абедзьве жанчыны – палітычныя эмігранткі з Ірану – з апёкамі адпраўленыя ў лякарні. “Народныя муджахеды” абвешчаныя Эўрапэйскім Зьвязам і Злучанымі Штатамі тэрарыстычнай групоўкай. Шыракамаштабная апэрацыя пошуку ейных актывістаў прайшла ўчора ў Парыжы і ягоных ваколіцах. Арыштаваныя больш як 160 чалавек, сканфіскаваныя больш васьмі мільёнаў даляраў гатоўкай і вялікая колькасьць кампутарнага абсталяваньня.