АМАН. Паводле папярэдніх дадзеных ва ўчорашніх парляманцкіх выбарах у Ярданіі перамаглі незалежныя кандыдаты, якія падтрымліваюць каралеўскую дынастыю. Як паведамляе міністэрства замежных справаў краіны, яны атрымалі большасьць з 110 месцаў у Нацыянальным сходзе Ярдані. Большасьць незалежных кандыдатаў – гэта прадстаўнікі галоўных клянаў й сем’яў Ярдані, традыцыйна лаяльных да каралеўскай сям’і. Канчатковыя вынікі выбараў будуць вядомыя сёньня пазьней. Парлямант Ярданіі мае паўнамоцтвы звальняць прэм’ер-міністраў і распускаць ўрад, а таксама блякаваць законапраэкты. Аднак кароль мае права накласьці вета на законапраэкты, распусьціць парлямант і кіраваць пры дапамозе указаў. Цяперашнія выбары – першыя за апошнія пяць гадоў. Кароль Абдалла распусьціў без тлумачэньняў апошні парлямант прыканцы завяршэньня яго чатырохгадовага тэрміну ў 2001 годзе.