ТЭГЕРАН. У іранскай сталіцы ўчора ўначы ізноў адбыліся дэманстрацыі ў падтрымку рэформаў дзяржаўнага ладу Ірану. Як паведамляе агенства “Ройтэр”, акцыі, якія працягваюцца ўжо тыдзень, становяцца больш спакойнымі. Паменела аўтамабіляў, кіроўцы якіх вітаюць дэманстрантаў гудкамі, стоячы ў вялізарным карку вакол унівэрсітэту. Паліцыя стрымлівае прыхільнікаў рэжыму рэлігійных кансэрватараў, якія зьбівалі дэманстрантаў дубінкамі й ланцугамі. Арыштаваныя каля 140 удзельнікаў пратэстаў. Напярэдадні больш за 250 выкладчыкаў тэгеранскага ўнівэрсітэту накіравалі зварот да духоўнага лідэра Аяталы Алі Хамэнэі з заклікам адмовіцца ад прынцыпу, што вышэйшы духоўны лідар ёсьць прадстаўніком Бога на зямлі, і пагадзіцца з тым, што ён адказны перад людзьмі. Іран абвінавачвае ЗША ў распальваньні хваляваньняў у краіне. Дзярждэпартамэнт ЗША заявіў, што вітае іранскіх дэманстрантаў, якія імкнуцца да свабоды, аднак гэта толькі маральная падтрымка.