ТЭГЕРАН.
ЗША заклікалі Іранскі урад прытрымлівацца патрабаваньняў правоў чалавека ў дачыненьні да дэманстрантаў, якія выступаюць з акцыямі пратэсту. Прэсавы сакратар Белага Дому Ары Фляйшэр заявіў, што “ЗША назіраюць з вялікім неспакоем гвалт ураду супроць іранскіх студэнтаў, якія мірна выражалі свае палітычныя погляды”. Іранскія мэдыі паведамляюць пра 100 затрыманых студэнтаў -- удзельнікаў антыўрадавых дэманстрацыяў. Дэманстрацыі працягваюцца ўжо чацьвертыя содні. Іранскае дзяржаўнае радыё паведамляе таксама пра арышты прыхільнікаў кансэрватараў, якія ўначы зьбівалі ўдзельнікаў антыўрадавых пратэстаў, у выніку былі параненыя прынамсі 40 чалавек. Дэманстранты патрабуюць палітычных рэформаў і адстаўкі Аяталы Алі Хаменеі й прэзыдэнта Ірану Мохамада Хатамі. Рэлігійныя лідэры Ірану абвінавачваюць ЗША ў інспірацыі антыўрадавых дэманстрацыяў.