АКАБА. Адбыліся перамовы прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша з прэм’ер-міністрамі Ізраілю і Палестынскае Аўтаноміі Арыэлем Шаронам і Махмудам Абасам. Амэрыканскі прэзыдэнт адзначыў істотны прагрэс ў рэалізацыі мірнага пляну развязваньня блізкаўсходняга канфлікту. На сумеснай прэсавай канферэнцыі Махмуд Абас запэўніў, што будуць зробленыя ўсе намаганьні, каб спыніць узброеныя напады палестынскіх ваяўнікоў на ізраільцаў. Прэм’ер-міністар Ізраілю Арыэль Шарон заявіў, што ён падтрымлівае стварэньне Палестынскае дзяржавы побач з Ізраілем, і паведаміў, што Ізраіль пачне неадкладна дэмантаваць габрэйскія паселішчы на палестынскіх тэрыторыях. Паводле Арыэля Шарона пытаньні бясьпекі застаюцца праярытэтнымі для Ізраіля. Аднак прадстаўнікі экстрэміскіх груповак “Хамас”, “Іслямскі джыгад” і “Народны Фронт вызваленьня Палестыны” заявілі, што ўзброеныя напады на ізраільцаў будуць працягвацца. Учора ў Ізраіле каля 40 тысячаў дэманстрантаў пратэставалі супраць рашэньня Шарону дэмантаваць габрэйскія паселішчы.