ЛЁНДАН. Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тоні Блэр сёньня адказваў у парляманце на абвінавачваньні ў наўмысным павелічэньні пагрозы рэжыму Садама Хусэйна ў часе падрыхтоўкі да вайны ў Іраку. Гаворка ішла аб дакладзе прэм’ер-міністра аб наяўнасьці ў Іраку зброі масавага зьнішчэньня, дзе казалася, што Садам Хусэйн здольны актывізаваць сваю хімічную і бактэрыялягічную зброю цягам 45 хвілінаў. Пазьней зьявілася інфармацыя, што некаторыя дадзеныя выведкі, выкарыстаныя, калі рыхтаваўся даклад, былі наўмысна скажоныя ўрадам. Урад Вялікай Брытаніі абвяргае гэтыя абвінавачваньні. Тоні Блэр заявіў, што ў іх няма ні слова праўды. Аднак пры гэтым ён падкрэсьліў, што будзе супрацоўнічаць з камітэтам міжнародных справаў брытанскага парляманту, які зьбіраецца дасьледваць гэтую справу.