ЭВІЯН. Сёньня ў францускім месьце Эвіян завяршаецца сустрэча ў вярхох краінаў “вялікай васьмёркі”. Чакаецца, што будзе прынятая выніковая заява, у якой удзельнікі сустрэчы выкажуць аптымізам з нагоды пэрспэктываў усясьветнай эканомікі. У дакумэнце таксама будзе падкрэсьленая неабходнасьць рашучай барацьбы супраць міжнароднага тэрарызму і распаўсюджаньня зброі масавага зьнішчэньня. У панядзелак лідары “васьмёркі” заклікалі Паўночную Карэю і Йран згарнуць праграмы распрацоўкі ядзернай зброі. У межах сустрэчы ў вярхох прайшлі перамовы паміж прэзыдэнтамі ЗША і Францыі Джорджам Бушам і Жакакм Шыракам. Бакі выказалі імкненьне палепшыць адносіны, якія пацярпелі ў выніку рознагалосьсяў у пытаньні вайны ў Іраку. Пасьля перамоваў Буш заявіў пра супадзеньне пазыцыяў дзьвюх краінаў у паваенным уладжаньні Іраку.