МАСКВА. Сёньня ў сталіцы Расеі адбылося паседжаньне Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Сталыя сябры Рады бясьпекі ААН Расея і Кітай сёньня заклікалі да рэфармаваньня Арганізацыі Аб’яднаных нацыяў у сувязі з тым, што сытуацыя ў сьвеце зьмянілася, і патрабуе новых падыходаў, асабліва ў сфэры бясьпекі. Удзельнікі сустрэчы – прэзыдэнты Расеі, Кітаю, Казахстану, Кыргыстану, Таджыкістану і Ўзбэкістану падпісалі дэклярацыю , у якой адзначылі, што сыстэме міжнародных дачыненьняў ААН альтэрнатывы няма. У дэклярацыі таксама падкрэсьліваецца, што менавіта ААН мусіць адыгрываць істотную ролю ў аднаўленьні Іраку. Прадстаўнікі шасьці краінаў зьвярнулі ўвагу на тое, што ўсе яны закранутыя міжнародным тэрарызмам, і заклікалі да супрацоўніцтва ў межах міжнароднай супольнасьці, якое было б накіравана на барацьбу з тэрарызмам, сэпаратызмам і нелегальным транзытам людзей, зброі, а таксама наркатранзытам.