У блізкім часе можа адбыцца сустрэча прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша з прэм’ер-міністрам Ізраілю Арыэлем Шаронам і прэм’ер-міністрам Палестынскае аўтаноміі Махмудам Абасам. Як заявіў міністар замежных справаў Ізраілю ў часе сустрэчы кіраўнікоў МЗС на грэцкай выспе Крыт, перамовы могуць адбыцца ўжо на наступным тыдні ў Ярданіі. Аднак паводле міністра замежных справаў Ярданіі, месца сустрэчы лідэраў пакуль дакладна не вызначана. Белы дом афіцыйна не падцьверджвае факт будучай сустрэчы, аднак некаторыя прадстаўнікі амэрыканскай адміністрацыі не выключаюць такой магчымасьці. Сустрэча амэрыканскага прэзыдэнта з ізраільскім і палестынскім лідэрамі была бы прысьвечаная мірнаму пляну развязваньня блізкаўсходняга канфлікту гэтак званай “дарожнай мапе”, распрацаваным ЗША, ААН, Эўразьвязам і Расеяй.