АЛЖЫР. Улады Алжыру лічаць, што колькасьць ахвяраў нядаўнага землятрусу перавысіць 3 тысячы чалавек. Ужо пацьверджаная сьмерць дзьвюх тысячаў 162 чалавек. Сотні лічацца зьніклымі, каля 9 тысячаў – параненыя. Мясцовыя жыхары ўскладаюць адказнасьць за вялікую колькасьць ахвяраў на ўладу, якая, на іхную думку, не забясьпечыла захаваньня нормаў бясьпекі ў часе будаўніцтва будынкаў. Правілы будаўніцтва сэйсматрывалага жыльля былі ўведзеныя пасьля разбуральнага землятрусу 1980 году. Выратавальнікі, якія прыехалі ў Алжыр са ўсяго сьвету, таксама заяўляюць, што не сустрэлі належнай падтрымкі з боку алжырскіх уладаў.