РЫГА. Сёньня ўвечары ў латыскай сталіцы пачынаецца 48-ы конкурс “Эўравізіі”. Гэты конкурс стаў для Латвіі першым ад абвяшчэньня незалежнасьці ў 1991 годзе міжнародным мерапрыемствам такога маштабу. 26 канкурсантаў выступяць сёньня ў алімпійскім комплексе “Сконто”. Ёсьць падазрэньні, што адная з галоўных фаварытак конкурсу сьпявачка расейскага дуэту “ТАТУ” Юлія Волкава, ня здолее выступаць сёньня ўвечары з прычыны праблемаў з галасавымі звязкамі. Учора ўвечары яна прапусьціла генеральную рэпетыцыю. Аднак арганізатары гавораць, што зробяць усё магчымае, каб Волкава сёньня выступіла. Больш за 2 тысячы журналістаў прыехалі ў Рыгу асьвятляць конкурс. Усе 6 тысячаў квіткоў на гала-канцэрт “Эўравізіі”, які пачнецца сёньня а 23 гадзіне, проданы. Іх кошт – ад 100 да 250 даляраў.