АРГАНІЗАЦЫЯ АБ’ЕДНАНЫХ НАЦЫЯЎ. Рада Бясьпекі ААН абмяркоўвае праект рэзалюцыі ў справе Йраку, прапанаваны ЗША, Вялікай Брытаніяй і Гішпаніяй. Дакумэнт прадугледжвае, у прыватнасьці, скасаваньне не пазьней як 3 чэрвеня санкцыяў, уведзеных супраць Багдаду на пачатку 90-ых гадоў. На думку аўтараў праекту, ААН мусіць адыгрываць актыўную ролю ў кіраваньні Йракам і ягоным аднаўленьні, але асноўныя паўнамоцтвы ў гэтым пытаньні застануцца ў рукох ЗША й іхных саюзьнікаў. Францыя, Расея і Кітай заявілі, што праект рэзалюцыі патрабуе йстотнай дапрацоўкі і ў цяперашнім выглядзе – непрыймальны. Канцлер Нямеччыны Гэрхард Шродар пасьля перамоваў з дзяржсакратаром ЗША Колінам Паўэлам заявіў, што санкцыі супраць Іраку мусяць быць скасаваныя “як найхутчэй”.