БРАТЫСЛАВА. Сёньня і заўтра ў Славаччыне адбываецца рэфэрэндум у пытаньні далучэньня краіны да Эўразьвязу. Жыхары Славаччыны адказваюць на пытаньне: “Ці згодныя Вы з тым, каб Славацкая рэспубліка стала сябрам Эўразьвязу?”. Афіцыйныя вынікі галасаваньня будуць вядомыя ў нядзелю. Агульная колькасьць выбаршчыкаў у краіне перавышае чатыры мільёны чалавек. Каб вынікі рэфэрэндуму былі прызнаныя, неабходна, каб удзел у плебысцыце ўзялі болей за палову зарэгістраваных выбаршчыкаў. Улады Славаччыны выказваюць занепакоенасьць магчымымі вынікамі рэфэрэндуму, таму што папярэдне ў краіне былі праведзеныя пяць рэфэрэндумаў, але ніводзін зь іх ня быў прызнаны, таму што колькасьць іхных удзельнікаў не перавысіла 50%.