МАСКВА.Сёньня Джяржсакратар ЗША Колін Паўэл сустрэнецца ў расейскай сталіцы з прэзыдэнтам Расеі Уладзімерам Пуціным і міністрам замежных справаў краіны Ігарам Івановым. Тэма перамоваў -- сытуацыя ў Іраку і на Блізкім Усходзе, а гэтаксама двухбаковыя дачыненьні. Дзяржсакратар ЗША абмяркуе з расейскім лідэрам амэрыканскі праэкт рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН па Іраку, у якім прапануецца зьняць санкцыі з Іраку і даручыць кіраваньне краінай цягам аднаго году ЗША і Вялікай Брытаніі. Расея не пагаджаецца з гэткім варыянтам праэкту рэзалюцыі й прапаноўвае, каб Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяй адыгрывала цэнтральную ролю у паваенным аднаўленьні Іраку. Гэтаксама чакаецца, што Пуцін і Паўэл абмяркуюць сытуацыю у Чачэніі, а таксама ядзернае супрацоўніцтва Расеі з Іранам і будучы візыт прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша ў Расею. Візыт Дзяржсакратара ЗША Коліна Паўэла ў Маскву, як чакаецца, супадзе з дэбатамі ў расейскім парляманце на тэму апошняга амэрыканска-расейскага пагадненьня аб кантролі над ядзернай зброяй. Амэрыканскі Сэнат ўжо ратыфікаваў гэтае пагадненьне ў сакавіку. Дзяржсакратар ЗША прыляцеў у Расею з Рыяду, дзе ён наведаў месца выбуху, які зрабілі ў панядзелак тэрарысты-самагубцы. Сустрэча ў Маскве адбудзецца напярэдадні заплянаванага на канец траўня расейска-амэрыканскага саміту ў Санкт-Пецярбургу.